МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

прыродныя воды з мінералізацыяй больш за 1 г/л, а таксама воды любой мінералізацыі са спецыфічнымі ўласцівасцямі (радыеактыўнасць, рН, т-ра) або біялагічна актыўнымі мікракампанентамі (бром Br, жалеза Fe, вуглякіслы газ CO2, серавадарод H2S, радон Rn і інш.). Падзяляюцца на воды слабай (да 2 г/л), малой (2—5 г/л), сярэдняй (5—15 г/л) і высокай (15—35 г/л) мінералізацыі і расолы (>35 г/л). У бальнеатэрапіі М.в. ўжываюць на ванны, піццё, інгаляцыі, арашэнні.

На Беларусі М.в. выяўлены ва ўсіх гідрагеал. басейнах: Аршанскім, Брэсцкім, Прыбалтыйскім, Прыпяцкім, у межах Беларускага і Варонежскага гідрагеал. масіваў, дзе прымеркаваны да адкладаў юры, трыясу, пярмі, карбону, дэвону, кембрыю, верхняга пратэразою, а таксама трэшчынаватай зоны парод крышт. фундамента; на глыбінях ад 200—300 м да 600—800 м і больш. Магутнасць гарызонтаў ад некалькіх метраў да 260—530 м. Водаўмяшчальныя пароды — пяскі, пясчанікі, трэшчынавата-закарставаныя даламіты, мергелі, гіпсы, ангідрыты, трэшчынаватыя і выветралыя покрыўна-лававыя, метамарфічныя і інтрузіўныя. Больш пашыраны М.в., лячэбнае ўздзеянне якіх адбываецца за кошт макракампанентаў хім. саставу і мінералізацыі. Паводле хім. саставу воды хларыдна-натрыевыя, хларыдна-сульфатныя, кальцыева-натрыевыя, гідракарбанатна-хларыдныя натрыевыя, сульфатныя рознага катыённага саставу і інш. Са спецыфічнымі кампанентамі вылучаюцца радонавыя, серавадародныя, бромныя, борныя і воды з вял. колькасцю гумусавых рэчываў. Разведаны 103 радовішчы М.в. Эксплуатацыйныя рэсурсы складаюць больш за 20 тыс. м³/сут; выкарыстоўваюцца санаторыямі, прафілакторыямі, водалячэбніцамі («Беларусь», «Бярэсце», «Васільеўка», «Крыніца», «Лётцы», «Нарач», «Прыдняпроўскі», «Радон» і інш.). Выпускаюцца пітныя лячэбна-сталовыя воды больш як 60 найменняў («Мінская», «Бабруйская», «Усмешка», «Дарыда», «Рэчыцкая», «Фрост», «Ільдзінка», «Барысаўская», «Бярэзінская», «Брэсцкая» і інш.). Бліжэйшымі аналагамі бел. М.в. з’яўляюцца: «Міргарадская», «Крымская» (Украіна), «Іжэўская», «Кашынская», «Омская» (Расія), «Друскінінкайская» (Літва), «Вярска» (Эстонія).

М.С.Капора.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)